close
Перайсці да зместу

Нікарагуа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэспубліка Нікарагуа
República de Nicaragua
Дэвіз: «En Dios Confiamos (На Бога спадзяемя)»
Гімн: «Salve a ti»
Image
Дата незалежнасці 28 верасня 1821 (ад Іспаніі)
Афіцыйная мова іспанская
Сталіца Манагуа
Найбуйнейшы горад Манагуа
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Віцэ-прэзідэнт
Даніэль Артэга
Амар Халсевенс
Тэрыторыя
 • Агулам 129 494 км² (95-я ў свеце)
 • % воднай паверхні 8,0 [1]
Насельніцтва Нікарагуа
 • Ацэнка 5 742 300 [2] чал.
 • Шчыльнасць 44,04 чал./км²
ВУП
 • разам (2009) 6,149 млрд дол. дол. (136-е месца)
 • На душу насельніцтва 1 070,8 дол. [3] дол.
ІРЧП (2011)  0,589[4] (сярэдні; 129-е месца)
Валюта Кордаба
Інтэрнэт-дамен .ni
Код ISO NI
Код МАК NCA
Тэлефонны код +505
Часавы пояс -6
Аўтамабільны рух справа[d][5]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Image
Карта краіны
Image
Рэльеф

Нікарагуа (ісп.: República de Nicaragua [reˈpuβlika ðe nikaˈɾaɣwa]) — краіна ў Цэнтральнай Амерыцы. Мяжуе з Гандурасам на поўначы і Коста-Рыкай на поўдні, з захаду амываецца Ціхім акіянам, а з усходу — Карыбскім морам.

Нікарагуа знаходзіцца ў Цэнтральнай Амерыцы паміж Ціхім акіянам і Карыбскім морам. Амаль палову тэрыторыі займае паўночнае нагор'е, якое з'яўляецца працягам горнай сістэмы суседняга Гандураса і ўяўляе сабою складаную сістэму адгор'яў і геалагічных напластаванняў. Тут знаходзяць радовішчы золата, срэбра, цынку, жалеза і г. д. Найвышэйшы пункт краіны — гара Магатон на мяжы з Гандурасам (2107 м). Паміж рэкамі, што сцякаюць у бок Карыбскага мора, за многія тысячагоддзі ўтварыліся доўгія горныя камлюкі і плато з стромкімі схіламі. Для ложаў нікарагуанскіх рэк уласцівы шматлікія парогі і вадаспады. Рэкі нясуць з нагор'я абломкі скал, пясок, гліну, якія запаўняюць прыбярэжную нізіну, так званы Маскітавы бераг, шырынёй да 60 - 80 км. Адкладанні асадкавых парод ствараюць уздоўж усяго ўсходняга берага шматлікія водмелі і лагуны. На плыткаводдзі развіваюцца каралавыя рыфы, якія ў выніку фарміруюць астравы, найбольш вядомыя — Міскітас, Каёс-Перлас, Маіс.

Геалагічны ўзрост заходніх раёнаў значна маладзейшы. На ціхаакіянскім узбярэжжы амаль няма заліваў. Уздоўж яго цягнецца ланцуг вулканаў - усяго 23 (6 актыўных). Паміж паўночным нагор'ем і заходнім вулканічным поясам цягнецца Нікарагуанская нізіна, часткова запоўненая азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Для заходніх раёнаў характэрны частыя землятрусы. Але дзякуючы вулканам уздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа ўзнікла вузкая паласа зямлі, складзеная лававымі струменямі і выкідамі попелу. Мясцовыя глебы надзвычай урадлівыя.

Клімат трапічны. Сярэдняя тэмпература ў Манагуа вагаецца ў межах 28—30° С. Самым спякотным месяцам лічыцца май. Нізіны і даліны ўтвараюць "Цёплую зямлю" (цьера-кальентэ. На вышыні 600 м пачынаецца цьера-тэмплада, дзе сярэдняя тэмпература ніжэй на 7—10° С, чым у нізінах. Вышэй за 1500 м знаходзіцца прахалодная цьера-фрыя (на 16—18° С ніжэй).

Значную ролю адыгрываюць пасатныя вятры, якія дзьмуць з боку Атлантычнага акіяна. На ўсходнім узбярэжжы ападкі здараюцца штодзень, а вусце ракі Сан-Хуан — адно з самых вільготных месцаў на Зямлі (6350 мм у год). У Нікарагуа вылучаюць толькі 2 сезоны - сухі верана (лета) з лістапада да канца красавіка і вільготны інв'ерна (зіма) з мая да кастрычніка. Аднак большую частку вільгаці "збіраюць" менавіта схілы паўночнага нагор'я. У Нікарагуанскай нізіне на працягу сухога сезона нават існуе патрэба ў абрашэнні культурных насаджэнняў. На заходнім узбярэжжы колькасць ападкаў зноў узрастае да 2500 мм у год.

Дакалумбавы перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

Першыя людзі з'явіліся на тэрыторыі Нікарагуа каля 12000 гадоў таму. Мясцовыя плямёны знаходзіліся пад уплывам андскай і месаамерыканскай культур. Да прыбыцця еўрапейцаў усходнюю частку краіны насялялі продкі сучасных індзейцаў міскіта. Захад Нікарагуа быў населены паміж VI ст. і VIII ст. племям чаратэга, што перасялілася з Ч’япаса. Каля 1200 года з цэнтральнай Мексікі ўварваліся плямёны, якія размаўлялі на мове наўатль, продкі піпіль. Нікараа, адно з гэтых плямёнаў, здолела адсунуць чаратэга[6]. Ад назвы племені паходзіць сучасная назва краіны.

Каланіяльны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

16 верасня 1502 года ўзбярэжжа Нікарагуа адкрыў Х. Калумб. У 1522 годзе краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 годзе заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Нікарагуа) і Гранада, уключылі землі Нікарагуа ў склад аўдзьенсіі (адміністрацыйна-судовая адзінка) Санта-Дамінга (1523 год), потым аўдзьенсіі Панама (1539 год), генерал-капітанства Гватэмала (1573 год). У ходзе іспанскай каланізацыі большая частка індзейцаў Нікарагуа асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна міскіта, што жылі на карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Яны стварылі сваю дзяржаву, якая ў 1740 — 1860 гг. была брытанскім пратэктаратам.

Падчас вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810 — 1826 гг. Нікарагуа была далучана да Мексіканскай імперыі (1822 год), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823 год). З красавіка 1838 года – самастойная рэспубліка.

У першай палове XIX ст. тут склаліся палітычныя партыі лібералаў (асноўная падтрымка — г.Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г.Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 года краіна стала аб’ектам эканамічнай, палітычнай і ваеннай экспансіі ЗША. З 1858 года сталіца Нікарагуа — горад Манагуа. У 1867 — 1893 гг. уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х. С. Селая (1893 — 1909 гг.) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадзянскі шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы, садзейнічаў развіццю народнай адукацыі, пашырыў чыгуначнае будаўніцтва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Нікарагуа амерыканскага капіталу.

Акупацыя ЗША (1909—1933)

[правіць | правіць зыходнік]

У 1912 — 1925 гг. і 1926 — 1933 гг. краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША. Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нацыянал-вызваленчага руху, які з 1927 года ўзначальваў А. С. Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934 года) і дзяржаўнага перавароту 1936 года ў краіне пачала ўсталёўвацца праамерыканская дыктатура сям’і Самоса.

Дыктатура сям’і Самоса

[правіць | правіць зыходнік]
Image
Прэзідэнт А. Самоса Гарсія (злева), і дамініканскі прэзідэнт Рафаэль Трухільё. 1952 г.

Пры прэзідэнце А. Самосе Гарсія (1936 — 1947 гг., 1950 — 1956 гг.) Нікарагуа абвясціла вайну нацысцкай Германіі, фашысцкай Італіі і мілітарысцкай Японіі (снежань 1941 года), устанавіла дыпламатычныя адносіны з СССР (1944 год); пасля Другой сусветнай вайны ўдзельнічала ва ўзброенай інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948 год) і Гватэмале (1954 год). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіцыйных сіл (з 1945 года), якія працягваліся пры прэзідэнтах Луісе Самоса Дэбайле (1957 — 1963 гг.) і Анастасіа Самоса Дэбайле (1967 — 1972 гг., 1974 — 1979 гг.; абодва сыны Самосы Гарсія).

Нікарагуанская рэвалюцыя і грамадзянская вайна

[правіць | правіць зыходнік]

Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 года ў Нікарагуа актывізаваліся апазіцыйныя сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961 год), разгарнулі партызанскую вайну супраць Нацыянальнай гвардыі — галоўнай апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 года прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакратычны ўрад Нацыянальнага адраджэння.

4 лістапада 1984 года адбыліся першыя ў Нікарагуа свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдата СФНВ Д. Артэга Сааведра і С. Рамірэс. З 1981 года спынена эканамічная дапамога з боку ЗША, у Нікарагуа з тэрыторыі Гандураса пачаліся ўварванні ўзброенных атрадаў контрас (былыя вайскоўцы Нацыянальнай гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканамічнага крызісу, выкліканага грамадзянскай вайной (спынена ў сакавіку 1988 года), на прэзідэнцкіх выбарах у лютым 1990 года перамог кандыдат ад Апазіцыйнага нацыянальнага саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В. Барыяс дэ Чамора.

Пасляваенны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

У 1990 годзе былі распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандлёвыя эмбарга, але эканамічныя цяжкасці ў Нікарагуа захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 года перамог кандыдат ад Ліберальнага альянса А. Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нацыянальнай згоды.

Цяжкі ўдар па эканоміцы і інфраструктуры краіны быў нанесены ўраганам «Мітч», які пранёсся 27 кастрычніка 1998 г.

На прэзідэнцкіх выбарах 2001 г. кандыдат ад кіруючай Канстытуцыйнай ліберальнай партыі Нікарагуа Э. Баланас атрымаў перамогу і быў абраны прэзідэнтам краіны. У выбарах прынялі ўдзел звыш 2 млн выбаршчыкаў. Э. Баланас атрымаў 56 % галасоў. Яго супернікам быў лідар сандыністаў і былы кіраўнік краіны Даніэль Артэга.

У лістападзе 2006 года прэзідэнцкія выбары выйграў Д. Артэга, атрымаўшы 38 % галасоў супраць 29 %, аддадзеных за кандыдата правых Эдуарда Мантэалегры. Удзел у выбарах прынялі ад 75 % да 80 % насельніцтва краіны, што пацвярджае левы зрух, які адбыўся ў Нікарагуа пасля 16 гадоў кіравання кансерватараў.

З сярэдзіны красавіка 2018 года ў Нікарагуа перыядычна праходзяць антыўрадавыя пратэсты. Падставай для іх паслужыла рэформа сістэмы сацыяльнага страхавання. Саступіўшы ціску, Д. Артэга яе адмяніў, але пратэсты не спыніліся. У верасні ўрад забараніў апазіцыі праводзіць пратэсты. Паводле звестак праваабаронцаў, у іх загінулі ўжо больш за 300 чал. У канцы лютага 2019 года ўлады аднавілі мірны дыялог, пачаты пры пасярэдніцтве каталіцкай царквы ў маі мінулага года і перарваны ў ліпені[7].

Image
Эканомічная геаграфія Нікарагуа

Нікарагуа — адна з найменш развітых краін Цэнтральнай Амерыкі. Яе эканоміка значна пацярпела ў канцы XX ст. з-за грамадзянскай вайны. З 1990 года праводзіліся рынкавыя рэформы, а таксама барацьба з інфляцыяй, якая дасягала 33603% у год. У першае дзесяцігоддзе XXI ст. атрымалася дасягнуць стаўкі ўсяго 9,5%. Гэта стала магчыма дзякуючы знешней фінансавай дапамозе. У 2001 года яна складала 25% ВУП. Нягледзячы на цяжкасці, у Нікарагуа адносна невялікая колькасць беспрацоўных (3,8% у 2006 годзе).

Асновай эканомікі ёсць сельская гаспадарка, накіраваная на экспарт. Найбольш важныя сельскагаспадарчыя культуры — кава, бавоўна, цукровы трыснёг, бананы, кунжут. Для ўнутранага спажывання таксама вырошчваюць бабовыя, рыс, маніёк і г. д. На экспарт арыентавана значная частка жывёлагадоўлі. З Нікарагуа вывозіцца мармуровая ялавічына. Развіццю сельскай гаспадаркі замінаюць недахоп зямлі, годнай для апрацоўкі, а таксама цяжкасці з фінансавымі ўкладаннямі, выкліканымі невырашанасцю аграрнага пытання.

У апошнія дзесяцігоддзі значных поспехаў дасягнулі рыбалоўства і перапрацоўка рыбных прадуктаў. У экспарце расце доля амараў. Прамысловасць у значнай ступені арыентавана на ўнутраны рынак. Разам з тым, у суседнія краіны адбываецца продаж электрычнай энергіі (69340 тыс. кВт · г у 2006 г.). Сектар паслуг складае 56,8% ад ВУП. У ім занята 52% актыўнага насельніцтва. Дзякуючы рынкавым рэформам Нікарагуа паспяхова развівае гандаль, турызм і здабычу золата.

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. "Nicaragua en cifras. Abril 2010". Managua, Banco Central de La República de Nicaragua. P.1.
  2. "Nicaragua en cifras. Abril 2010". Managua, Banco Central de La República de Nicaragua. P.3.
  3. "Nicaragua en cifras. Abril 2010". Managua, Banco Central de La República de Nicaragua. P.2.
  4. Human Development Report 2011. United Nations Development Programme (2011). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2013. Праверана August 21, 2012.
  5. http://chartsbin.com/view/edr
  6. El origen de “Nicarao-agua”: la Traición y la Paz
  7. Манагуа: протесты и аресты (руск.). Euronews (17 сакавіка 2016). Праверана 18 сакавіка 2010.